Раздзел 3. Лексікаграфія

Пытанні для самакантролю

  1. Акрэсліце прадмет і задачы лексікаграфіі.
  2. Асэнсуйце розніцу паміж лінгвістычнымі і энцыклапедычнымі слоўнікамі. Адзначце, што (паняцце, рэалія ці слова) раскрываецца ў слоўніках першага тыпу і што – у другіх. Аргументуйце адказ супастаўленнем слоўнікавых артыкулаў з загаловачнымі словамі Вялікдзень, Грамніцы, Дабравешчанне, Вадохрышча, Сёмуха, Саракі, Багач з ТСБМ і з “Беларускай энцыклапедыі”.
  3. Ахарактарызуйце асноўныя структурныя элементы, якія ўключае слоўнікавы артыкул лінгвістычнага слоўніка.
  4. Назавіце, якія віды лінгвістычных слоўнікаў вылучаюцца ў залежнасці ад зместу, задач, спосабаў лексікаграфічнай апрацоўкі матэрыялу.
  5. Выканайце індывідуальныя заданні на тэму “Кароткая пісьмовая характарыстыка слоўніка…” (назва пэўнага слоўніка). Прыкладны план: а) асноўнае прызначэнне слоўніка, б) будова слоўнікавага артыкула, в) колькасць загаловачных слоў, г) сістэма памет, д) прыклад  аднаго слоўнікавага артыкула. Пералік слоўнікаў:

Дыялектны слоўнік Брэстчыны / Склад. М.М. Аляхновіч [і інш.] ; рэд. Г.М. Малажай, Ф.Д. Клімчук. – Мінск : Навука і тэхніка, 1989. – 294 с.

Слоўнік асабовых уласных імён / Уклад. М.Р. Суднік ; навук. рэд.         А.А. Лукашанец. – 2-е выд.  – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 176 с.

Сцяцко, П. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П.У. Сцяцко,                М.Ф. Гуліцкі, Л.А. Антанюк. – Мінск : Выш. школа, 1990. – 222 с.

Арашонкава, Г.У. Кароткі слоўнік беларускай мовы : Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне / Г.У. Арашонкава, В.П. Лемцюгова ; пад рэд. В.І. Рабкевіча. – Мінск : Маст. літаратура,  1994. –367 с.

Практыкаванні

Практыкаванне 1. Акрэсліце семантыку лексемаў, пададзеных у “Слоўніку беларускай мовы” І.І. Насовіча (гл. выданне: Насовіч, І.І. Слоўнік беларускай мовы. – Мінск : БелСЭ, 1983. – 792 с.) Параўнайце прыведзеныя ў слоўніку І. Насовіча тлумачэнні з тымі, што падаюцца ў ТСБМ.

Пáдаць, справа, берасцянка, выкрýчваць, вымаўляць, выпякаць, гадаць, гарт, гонка, дбаць, дзед.

Практыкаванне 2. Звярнуўшыся да лінгвістычных слоўнікаў, зрабіце лексіка-стылістычны аналіз выдзеленых у тэксце слоў: запішыце слова ў пачатковай форме, растлумачце, у якім значэнні ўжываецца яно ў тэксце, вызначце, адназначнае ці мнагазначнае яно ў мове, падбярыце да слова сінонімы, антоніы (калі магчыма), устанавіце паходжанне слова, адзначце прыналежнасць слова да актыўнай ці пасіўнай лексікі, акрэсліце сферу выкарыстання, вызначце стылістычную прыналежнасць.

***

Са снежнага зерня рунее белы спакой,

І гэтак лагода нябесная блізка,

Што льга далягляд палашчыць рукой. (Р. Барадулін)

Практыкаванне 3. Падрыхтуйце даклад (у навуковым стылі) “Роля      І. Насовіча ў развіцці беларускай лексікаграфіі і фразеаграфіі”.

 

Практыкаванне 4. Падрыхтуйце  паведамленне на пасяджэнні школьнага лінгвістычнага гуртака “Лексікаграфічная спадчына Галіны Мікалаеўны Малажай”.

 

Практыкаванне 5. Падрыхтуйце даклад (у навуковым стылі) “Слоўнікі ўласных імён Мікалая Васілевіча Бірылы”.

 

Практыкаванне 6. Падрыхтуйце даклад (у навуковым стылі) “Роля      Валянціны Пятроўны  Лемцюговай ў развіцці беларускай лексікаграфіі”.